НЯЯ́СЫЦЬ БАРАДА́ТАЯ, няясыць каменная,

няясыць лапландская (Strix nebulosa),

птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашырана ў зоне хваёвых лясоў (старых яловых і ялова-альховых) Паўн. паўшар’я. На Беларусі рэдкі аселы від, занесена ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 84 см, маса самцоў да 800, самак да 1200 г. Апярэнне мяккае, шаравата-бурае або дымчата-шэрае, з густым малюнкам. Тваравы дыск шараваты з вузкімі цёмнымі палосамі і чорнымі плямамі пад вачыма. Пад дзюбай вял. чорная пляма — «барада» (адсюль назва). Вочы і дзюба жоўтыя. Корміцца пераважна мышападобнымі грызунамі, а таксама птушкамі, вавёркамі і інш. Нясе 2—5, зрэдку Да 7 яец.

А.М.Петрыкаў.

Няясыць барадатая.

т. 11, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)